Андрэй на трынаццаць гадоў старэйшы за Полю і, шчыра кажучы, я не зусім разумела, як яны будуць паміж сабой ладзіць. Андрэй суровы, рэзкі, моцны, а Поля – мяккая, такая ўся кахаючая. І вось атрымалася ідэальная пара.
Як прафесіянал Андрэй – цвёрды, патрабавальны. Ад людзей, з якімі працаваў, заўсёды чакаў высокага прафесіяналізму.
Калі Андрэй трапіў у турму, Поля пачала кожны дзень яму пісаць. Я ўжо, бывае, сваруся на яе, таму што ёсць малыш, трэба з ім займацца, а яшчэ і бытавыя справы. Але яна сына пакладзе і гэтыя лісты піша. Цёмна ўжо ў пакоі, бо малыш спіць, і толькі свеціцца экран яе кампутара. А яна яму піша пра сваё каханне, пра тое, што адбылося, вельмі падрабязна піша пра малыша, што ён сёння сказаў, што рабіў.
У гэтай сітуацыі, якая складаецца, я словаў не маю, каб яе пракаментаваць. Толькі магу дапамагаць. Андрэй перажывае сваё жыццё, Поля, ягоная жонка, мая дачка, наш маленькі Тамашык, які яшчэ не разумее і ведае толькі, што бацька ў замку.
Яны перажываюць сваё жыццё, жывуць, пакутуюць за нас усіх, такое ім выпала. У Андрэя сустракаецца такое меркаванне, што праз гэта трэба прайсці. Я думаю, што так. Для Беларусі гэта вельмі важна, надзвычайна важна, што тысячы людзей праходзяць праз такую сітуацыю, як мы: маці ці бацька ў турме, яго чакаюць у сям'і, сябры, гэта ўсё абмяркоўваецца, шкадуецца, спадзяюся, выльецца ў нешта.
Андрэй вельмі любіць сваіх бацькоў. Ён кожны дзень званіў сваёй маме, распавядаў, як прайшоў дзень. Пасля таго як яго затрымалі, цяпер у вызначаны час яго бацькам тэлефануе Паўлінка.
Я заўважаю, як пастарэлі бацькі Андрэя. Асабліва бацька. Маці, як кожная жанчына, больш стойкая. Мы, жанчыны, не ведаю, за кошт чаго, але можам неяк гэта ўсё ператрываць. А тата ягоны нават узростам стаў меншы. Вельмі востра гэта перажывае, але адчувае, што трэба трымацца, што гэта ўсё не пустое, што на гэтым будзе будавацца нейкі фундамент будучыні.
Андрэй, мне падаецца, – адзін з прыкладаў таго, што тыя людзі, якія ў турме, уплываюць не толькі на свой лёс, але і на лёс краіны.
У яго за спінай вялікі бэкграўнд. Як аказваецца, ягоных прадзедаў высылалі ў Казахстан. Яны там змаглі вытрываць, вярнуліся назад. Яны былі вельмі працавітыя людзі, мелі свой кавалак зямлі. Гэта ўсё неяк на Андрэю адбілася. Тое, што ён зараз выносіць, і мы разам з ім, гэта тое, праз што трэба прайсці.
Калі быў дзень нараджэння Максіма Танка, я напісала Андрэю тэлеграму: «Сёння быў дзень нараджэння Максіма Танка. Ты Скурко, і ён Скурко. Ён сядзеў, і ты сядзіш. Ён выйшаў, і ты выйдзеш. Ён стаў класікам, і ты станеш класікам».