Кожны чалавек можа па-рознаму рэагаваць на такую адкрытую пагрозу жыцця, якая была цягам некалькіх тыдняў, пакуль яны не знішчылі і «Дзень». Анджэй быў адным з тых, на якім тады ўсё трымалася, які падтрымліваў нас усіх.
Я неаднаразова казаў: «Павярніся-ка ты, Андрэю, ў профіль. Ты мне так Кастуся Каліноўскага нагадваеш». Па паводзінах, адносінах да справы, па прынцыповасці, па смеласці. Я казаў гэта яму ў вочы тады, пацверджу гэта і зараз. Жыццё пацвярджае. Вельмі шкада, што такія людзі, патрыёты сваёй краіны, прафесіяналы, прынцыповыя людзі, якія б маглі служыць эталонам для маладых журналістаў, знаходзяцца за кратамі.
Цяперашняя журналістыка, канешне, вельмі моцна адрозніваецца ад той, што была 15-20 гадоў таму. Такіх журналістаў, як Андрэй, зараз усё менш і менш. У гэтым жа галоўная прычына таго, што яго ў чарговы раз кінулі за краты.
Абвінавачванне высмактана з пальца, не заснаванае ні на фактах, ні на законе. Гэта проста такая сваволя тых, каму вельмі патрэбна ізаляваць людзей, якія маглі б стаць цэнтрам прыцягнення сілы, маральнымі аўтарытэтамі, на якіх іншыя маглі б аглядвацца, раўняцца, паводзіць сябе таксама адпаведным чынам. Гэта асноўная прычына, а не тыя бязглуздыя абвінавачванні.
Адзін з лепшых журналістаў. І я ўпэўнены, што раней ці пазней сілы, інтэлект і сумленне гэтага чалавека яшчэ паслужаць Новай Беларусі.