2 лютага нас выкінулі з шапікаў «Белсаюздруку», прычым амаль па ўсёй краіне акрамя Магілёўскай вобласці. Справа ў тым, што гэты рэгіён не ўваходзіць у холдынг, ён сама па сабе. Таму ў Магілёве нас прадавалі яшчэ да канца чэрвеня.
Ужо ў сярэдзіне чэрвеня мы атрымалі паведамленне ад «Белпошты», што з намі не будуць працягваць супрацоўніцтва, няглядзечы на тое, што мы былі ўнесеныя ў падпісны каталог на другое паўгоддзе. Шмат людзей ужо нават выпісалі газету, і пошта мусіла вяртаць грошы. Гэта быў яшчэ адзін цвічок.
Пасля ўсяго гэтага было зразумела, што наступным крокам як раз будзе пазбаўленне магчымасці друкавацца. Мы размаўлялі з дырэктарам друкарні пра гэта. Ён сказаў: «Неяк мне ўжо званілі, але я сказаў, пакуль у нас не скончыцца кантракт, не будзем нічога такога рабіць». Але ў выніку з такой дзіўнай фармулёўкай – «
у сувязі са зменай вытворчага цыклу» – нас усё ж такі перасталі друкаваць.
У дзяржаўныя тыпаграфіі мы нават не звярталіся. У недзяржаўных, тых, у каго ёсць ліцэнзіі, таксама атрымалі адмову. Варыянты друку за межамі Беларусі, па шчырасці, мы не разглядалі. Гэта вельмі лёгка прыкрываецца, проста шкада будзе таго ж накладу, які канфіскуюць.