Не проста ахарактарызаваць некалькімі словамі чалавека, які ўжо паўжыцця для мяне самы блізкі і важны. Зашмат дадзеных, і я не магу іх звесці ў нейкую сістэму. А ён бы змог, думаю. Бо ў яго пра ўсё сваё меркаванне, парадак у галаве і ў доме. Пры ім наша дзіця не стала б трушчыць каціны корм, як у мяне. (Усміхаецца).
Не сустракала ў жыцці людзей больш цэласных, надзейных і верных, чым мой каханы муж. Гэта праяўляецца нават у дробязях. Скажам, у яго гадамі не мяняюцца ўлюбёныя стравы. Думаю, як вернецца, таксама захоча ў першую чаргу дранікаў ці смажанай бульбы.
Яго надзейнасць і грунтоўнасць выяўляюцца яшчэ і ў тым, што ў розных форс-мажорных сітуацыях ён заўсёды мае план Б. Напрыклад, прыехалі на адпачынак, а надворʼе сапсавалася. Адпачывалі калісь у Рыбакоўцы і да нашага берага прыплыла халоднае цячэнне. Купацца было немагчыма, пайшлі гуляць. Да бліжэйшай вёскі было некалькі кіламетраў палявымі сцежкамі, але ў майго запаслівага мужа была мапа мясцовасці, таму мы не заблукалі. Атрымалі задавальненне ад непаўторных украінскіх пейзажаў, іх высокага неба, шырокіх стэпаў, дзівосных раслін і па-майстэрску зваранага піва. Абавязкова вернемся туды зноў.
Апошнім часам ён працаваў з дому. Казаў: «Я на працы», зачыняўся і прасіў не турбаваць. Вечарам зазіраю да яго, пытаюся: «Ты ўжо прыйшоў?» Адказвае: «Не, яшчэ ў дарозе».
Неяк трапілася нам на вочы чарговае «пакаяннае» відэа, якія вядомым чынам выбіваюць з людзей, у тым ліку пагражаючы іх сем'ям. Кажа: «Я ў такой сітуацыі таксама раскажу, што папросяць...» Я: «Беражы здароўе, галоўнае».
Для яго «пабоўтаць нагамі», едучы дахаты на веласіпедзе, – гэта і адпачынак, і перазагрузка. Перад арыштам ён замовіў тое-сёе з экіпіроўкі для зімовага катання, хваляваўся пасля, ці дайшло. Шкада, што сёлета абноўкі не спатрэбіліся.
Цвярозы падыход да жыцця ў Андрэя дзіўным чынам спалучаецца са здольнасцю знаходзіць пазітыўнае ў самых розных сітуацыях, верыць у лепшае. Скардзіцца ў лістах на непрыемныя адчуванні ў цягліцах з-за адсутнасці звыклай нагрузкі і адразу ж піша, што пасля, з вяртаннем да спорту, яны будуць гэтак жа балюча натрэніроўвацца наноў.