З Дзянісам мы пазнаёміліся, калі ён працаваў у InformNapalm. Мы часам друкавалі тое, што ён выкладаў у сацсетках. Тады гэта было вельмі цікава, бо ён расследаваў дзейнасць расійскіх войскаў, іх прысутнасць на Данбасе і ва Ўкраіне ўвогуле. 2014 год – гэта была гарачая тэма па тых часах. Потым ён заангажаваўся ў нашу рэдакцыю, пачаў рабіць расследаванні ўжо па беларускіх пытаннях.
Дзяніс вельмі прафесійна падыходзіць да сваіх расследаванняў. Ніколі не апублікуе неправеранай інфармацыі, вельмі скрупулёзна падбірае словы. У сваіх матэрыялах, калі на 100% няўпэўнены, абавязкова напіша «меркавана».
Ён праводзіў расследаванні па адкрытых крыніцах па рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах. Нягледзячы на ўсе судовыя працэсы, якія заснавальнікі рэстарацыі падавалі ў адносінах да «Новага Часу». І па вялікім рахунку гэтыя працэсы мы, можна лічыць, выйгралі: адзін выйгралі чыста, другі – была памылка не Дзяніса, а выпускаючага рэдактара, які паставіў матэрыял па гэтай рэстарацыі з іншай крыніцы.
Па гэтай сітуацыі бачна, наколькі Дзяніс адказна падыходзіў да падачы матэрыялу, яго верыфікацыі. Нават у нашых умовах мы здолелі выйграць працэс у такой справе, улічваючы нашы суды і асобы заснавальнікаў рэстарацыі. Гэта, па-мойму, самае вялікае прызнанне Дзяніса як журналіста, як расследавальніка, паказчык яго прафесіяналізму, наколькі якасна ён працуе.
У «Новым Часе» на падставе артыкулаў Дзяніса мы рабілі міні-фільмы па чатыры-пяць хвілінаў – дзе Дзяніс нешта расказваў, а да таго адпаведны відэашэраг. Я прысутнічаў, калі ролікі рабіліся. Гэтая начытка расцягвалася на чатыры, бывала, і на пяць гадзінаў. Менавіта з-за таго, што Дзяніс быў вельмі скрупулёзны, казаў: «Не, гэтае слова тут не падыходзіць. Давайце пераагучым» ці «Мы ж не асабліва ўпэўненыя, давайце памяняем словы, я пераскажу сказ», ці «Мы не асабліва ўпэўненыя ў гэтым, скажу "імаверна", "хутчэй за ўсё"».
Даволі цікава было назіраць за гэтымі здымкамі з Дзянісам, які ўвесь час ўсё ўдакладняе, каб кожнае слова стала на сваё месца, каб не было да чаго прычапіцца ні ў якім разе.