Журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча першы раз затрымалі 16 ліпеня 2021 года падчас масавых вобшукаў у незалежных журналістаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі. У кватэры правялі ператрус, забралі тэхніку, яго самога арыштавалі. Але праз 10 дзён вызвалілі, пакінуўшы падазраваным у справе.
Людзі ў масках забралі Груздзіловіча з дому ў Мінску 23 снежня 2021 года. Алегу змянілі меру стрымання і ўзялі пад варту. Праз пяць дзён высветлілася, што яму ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, калі яго як журналіста ўжо пазбавіла акрэдытацыі МЗС Беларусі.
У сакавіку 2022 года Груздзіловіча пакаралі 1,5 гадамі зняволення ў калоніі. Журналіст-палітвязень знаходзіўся ў магілёўскай калоніі № 15. На пачатку ліпеня 2022 «Мінсктранс» выставіў Алегу тры грамадзянскія пазовы – за спыненне транспарту падчас акцый улетку і ўвосень 2020 года на агульную суму больш за 56 тысяч рублёў.
21 верасня 2022 года стала вядома, што Алег Груздзіловіч разам з жонкай Мар'янай знаходзяцца ў Вільні. Ён расказаў сваім калегам з «Радыё Свабода», што напісаў прашэнне аб памілаванні, але віну не прызнаў. Умовай яго вызвалення быў адʼезд з краіны, але Алег паставіў сваю ўмову, што зʼедзе разам з жонкай. Таксама Груздзіловіч
дадаў: «І толькі аргументы, што мая адмова можа прывесці да таго, што іншыя мае калегі не выйдуць, пераканалі мяне. І другі аргумент, што затрыманне можа ператварыцца з паўтара года ў большы тэрмін. Гэта падзейнічала, і я ўсё ж прыняў рашэнне пагадзіцца і зʼехаць».
4 лістапада 2022-га Міністэрства ўнутраных спраў унесла журналіста ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Гісторыю Алега Груздзіловіча распавядаюць сябры, калегі і жонка.