Пазнаёміліся мы недзе ў 2015 годзе. Сяргей быў даволі актыўным жыхаром Драгічына. У 2015-м, калі ў горад прыязджала кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, Гардзіевіч працаваў у саўгасе. Дык на той дзень яго некуды адкамандзіравалі, каб яго не было ў горадзе.
Ён прыйшоў да нас працаваць на «Першы рэгіён», пачаў пісаць. Пісаў пра ўсё – хутка, якасна. Здарылася нейкая аварыя – ён імчыць на месца, фатаграфуе, рыхтуе матэрыял. Дзякуючы яму мы нярэдка першымі публікавалі інфармацыю.
Сяргей заўсёды ў гушчы падзеяў, у яго вельмі добрая база кантактаў, яго ведае ўвесь Драгічын. Калі нешта здаралася, яму званілі, пісалі, усё паведамлялі.
Сяргей вельмі шмат ахвяраваў журналістыцы, нават калі гэта замінала яго асабістаму часу: пакідаў свае хатнія справы, адмяняў усё і ехаў працаваць. Няважна, працоўны гэта дзень ці выходны.
Ён вельмі хутка рос у прафесійным плане: літаральна за два-тры гады з караценькіх нататак пра аварыі ён перайшоў да журналісцкага расследавання. Не кожны можа паказаць такія вынікі.
Сяргей падрыхтаваў
грунтоўны матэрыял пра тое, як у адной з вёсак Драгічанскага раёна будавалі аграгарадок, а той «праваліўся». Гардзіевіч даў аналіз па лічбах, пагаварыў са старшынёй і мясцовымі. Ён паказаў, што там пабудавалі воданапорную вежу, у выніку яна не спатрэбілася. Паказаў, што ўбухалі мільярды, а аграгарадок не атрымаўся. Дарабіць артыкул Сяргей не паспеў, яго затрымалі ў снежні 2020 года. Ён быў у СІЗА спачатку, потым пад хатнім арыштам, мы не маглі з ім звязвацца, была забарона. Таму дапрацавалі і апублікавалі матэрыял ужо без яго.
Прычынай пераследу, напэўна, сталі яго праўдарубства і актыўнасць. У сацсетках вёў сталую дыскусію, размаўляў з людзьмі, асвятляў тое, што ёсць, выконваў звычайную працу журналіста.
Ён быў «на карандаше», як кажуць. Распявадаў, што ў дзень выбараў супраць яго была правакацыя. Сказаў, што да яго падаслалі чалавека, каб пабіўся з ім. Гэта было ў Пінску, мы яго адправілі туды ў камандзіроўку.
Але сітуацыя тычыцца не толькі Сяргея. Яго жонку звольнілі з працы яшчэ да выбараў, яна працавала ў санстанцыі. Як Сяргей распавядаў, ёй сказалі: «Калі твой муж не супакоіцца...»
Сяргей мог, але не хацеў з'язджаць з Беларусі. Ён не лічыць сябе вінаватым, не збіраўся нікуды і ні ад каго ўцякаць.